ЗАГАД МIНIСТЭРСТВА АДУКАЦЫI I НАВУКI РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
30 снежня 1995 г. № 504
АБ ЗАЦВЯРДЖЭННI ПАЛАЖЭННЯ АБ НАЦЫЯНАЛЬНЫМ ЦЭНТРЫ
ЎСЫНАЎЛЕННЯ
У адпаведнасцi з Нацыянальным планам дзеянняў па ахове правоў
дзiцяцi на 1995-2000 гг., зацверджаным Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi
Беларусь ад 19 красавiка 1995 г. № 150, пастановай Савета Мiнiстраў
Рэспублiкi Беларусь ад 10 мая 1993 г. № 304 "Аб зацвярджэннi
прыкладных палажэнняў аб адукацыi i выхаваўчых установах i
арганiзацыях сiстэмы адукацыi, узораў дакументаў аб адукацыi"
загадваю:
1. Зацвердзiць Палажэнне аб Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення.
2. Увесцi ў дзеянне вышэйназванае Палажэнне з 1 студзеня 1996
г.
Мiнiстр В.I.СТРАЖАЎ
УЗГОДНЕНА ЗАЦВЕРДЖАНА
Намеснiк Мiнiстра фiнансаў Загад Мiнiстэрства
Рэспублiкi Беларусь адукацыi i навукi
А.I.Сверж Рэспублiкi Беларусь
30.12.1995 № 504
УЗГОДНЕНА
Намеснiк Мiнiстра працы
Рэспублiкi Беларусь
В.I.Паўлаў
ПРЫКЛАДНАЕ ПАЛАЖЭННЕ
аб Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення Рэспублiкi Беларусь
1. Нацыянальны цэнтр усынаўлення Рэспублiкi Беларусь* - гэта
ўстанова адукацыi, якая арганiзуе ўсынаўленне дзяцей-сiрот i дзяцей,
якiя засталiся без апекi бацькоў, ажыццяўляе псiхолага-педагагiчную
i прававую падрыхтоўку кандыдатаў ва ўсынавiцелi i каардынуе
дзейнасць абласных, раённых, гарадскiх органаў аховы дзяцiнства па
нацыянальнаму i мiжнароднаму ўсынаўленню дзяцей.
______________________________
*У далейшым - цэнтр.
2. На цэнтр ускладаюцца наступныя задачы:
2.1. рэалiзацыя права кожнага дзiцяцi згодна з Канвенцыяй ААН i
Законам Рэспублiкi Беларусь "Аб правах дзiцяцi" на пражыванне i
выхаванне ў сям`i;
2.2. стварэнне банка данных у Рэспублiцы Беларусь на дзяцей,
якiя засталiся без апекi бацькоў i могуць быць уладкаваны ў сям`ю
праз усынаўленне;
2.3. стварэнне банка даных у Рэспублiцы Беларусь на кандыдатаў
ва ўсынавiцелi;
2.4. псiхолага-педагагiчная, медыцынская i прававая падрыхтоўка
кандыдатаў ва ўсынавiцелi па пытаннях усынаўлення i выхавання
прыёмнага дзiцяцi;
2.5. арганiзацыя i каардынацыя дзейнасцi мясцовых органаў аховы
дзяцiнства па нацыянальнаму i мiжнароднаму ўсынаўленню дзяцей-сiрот
i дзяцей, якiя засталiся без апекi бацькоў;
2.6. аналiз i кантроль за працэсам адаптацыi дзяцей у прыёмных
сем`ях;
2.7. падрыхтоўка i ўнясенне прапаноў Мiнiстэрству адукацыi i
навукi, другiм дзяржаўным органам па пытаннях усынаўлення дзяцей у
Рэспублiцы Беларусь;
2.8. арганiзацыя супрацоўнiцтва з iншымi краiнамi па пытаннях
усынаўлення.
3. Цэнтр арганiзуе сваю дзейнасць у адпаведнасцi з Законам
Рэспублiкi Беларусь "Аб правах дзiцяцi", Кодэксам аб шлюбе i сям`i,
гэтым Палажэннем, а таксама iншымi заканадаўчымi i нарматыўнымi
дакументамi па пытаннях аховы правоў дзяцей.
4. Стварэнне цэнтра ажыццяўляецца Мiнiстэрствам адукацыi i
навукi. Рашэнне аб рэарганiзацыi i лiквiдацыi цэнтра прымаецца
Мiнiстэрствам адукацыi i навукi, а ў выпадках, якiя прадугледжаны
заканадаўствам, - i гаспадарчым судом.
5. Цэнтр знаходзiцца ў падпарадкаваннi Мiнiстэрства адукацыi i
навукi, якое ажыццяўляе яго фiнансава-матэрыяльнае забеспячэнне.
6. Кiраўнiцтва цэнтрам ажыццяўляе дырэктар, якi прызначаецца
Мiнiстэрствам адукацыi i навукi з лiку асоб, якiя маюць педагагiчную
цi юрыдычную адукацыю, адпаведную педагагiчную i юрыдычную
падрыхтоўку, стаж работы па спецыяльнасцi (педагагiчнай або
юрыдычнай) не менш за 5 гадоў.
7. Дырэктар цэнтра мае права:
- вырашаць ва ўстаноўленым парадку ўсе пытаннi дзейнасцi
цэнтра;
- дзейнiчаць без даверанасцi ад iмя цэнтра, прадстаўляць яго
iнтарэсы ва ўсiх арганiзацыях i ўстановах, заключаць дагаворы i
распараджацца маёмасцю, сродкамi ў адпаведнасцi з заканадаўствам,
выдаваць загады i распараджэннi, якiя абавязковыя для ўсiх
супрацоўнiкаў цэнтра;
- вызначаць штатны расклад i структуру цэнтра, якiя ўзгадняюцца
з Мiнiстэрствам адукацыi i навукi, устанаўлiваць надбаўкi да
службовых акладаў i ажыццяўляць прэмiраванне за творчыя дасягненнi ў
працы ў адпаведнасцi з заканадаўствам;
- прымаць на работу i звальняць ва ўстаноўленым парадку
супрацоўнiкаў цэнтра;
- атрымлiваць ад мясцовых органаў аховы дзяцiнства, дзiцячых
iнтэрнатных i лячэбна-прафiлактычных устаноў iнфармацыю аб дзецях,
якiя засталiся без апекi бацькоў i падлягаюць усынаўленню;
- заключаць дагаворы на аказанне цэнтрам паслуг грамадзянам,
прадпрыемствам, арганiзацыям, установам;
- на матэрыяльнае i маральнае заахвочванне за паспяховыя вынiкi
дзейнасцi.
8. Дырэктар абавязаны:
- забяспечыць вырашэнне калектывам цэнтра задач, якiя вызначаны
пунктам 2;
- разам з калектывам стварыць спрыяльныя ўмовы для творчай
работы яго супрацоўнiкаў i жыццядзейнасцi цэнтра, забяспечыць
фiнансаванне яго работы;
- ажыццяўляць кантроль за ходам i вынiкамi дзейнасцi
падраздзяленняў i супрацоўнiкаў цэнтра, захаваннем патрабаванняў
заканадаўства па ахове дзяцiнства и працы;
- выконваць загады i распараджэннi Мiнiстэрства адукацыi i
навукi;
- пастаянна павышаць свой тэарэтычны ўзровень па
псiхолога-педагагiчных i юрыдычных пытаннях аховы правоў дзяцей.
9. Для арганiзацыi ўсынаўлення дзяцей у штат центра ўводзяцца
iнспектары па ахове дзяцiнства, юрысты, педагогi-дэфектолагi,
псiхолагi, урачы. Iнспектары па ахове дзяцiнства ўводзяцца з разлiку
1 пасады на 300 дзяцей-сiрот i дзяцей, якiя засталiся без апекi
бацькоў.
10. Iнспектар па ахове дзяцiнства прызначаецца з лiку асоб,
якiя маюць вышэйшую педагагiчную або юрыдычную адукацыю i адпаведную
педагагiчную i юрыдычную падрыхтоўку.
11. Мясцовыя органы аховы дзяцiнства, дзiцячыя iнтэрнатныя i
лячэбна-прафiлактычныя ўстановы ў сямiдзённы тэрмiн прадстаўляюць у
цэнтр iнфармацыю аб дзецях, якiя засталiся без апекi бацькоў i
могуць быць уладкаваны ў сям`ю праз усынаўленне. Цэнтр стварае банк
даных у Рэспублiцы Беларусь на дзяцей, якiя падлягаюць усынаўленню,
i кандыдатаў ва ўсынавiцелi.
12. Цэнтр праз сродкi масавай iнфармацыi, выпускi спецыяльных
бюлетэняў i iншымi спосабамi арганiзуе шырокае iнфармаванне
насельнiцтва аб дзецях, якiя засталiся без апекi бацькоў i
падлягаюць усынаўленню. Цэнтр таксама ўзаемадзейнiчае з мясцовымi
органамi аховы дзяцiнства па пошуку сем`яў для ўсынаўлення дзяцей.
13. Усе кандыдаты ва ўсынавiцелi праходзяць у цэнтры
абавязковую падрыхтоўку па псiхолага-педагагiчных, прававых,
медыцынскiх пытаннях усынаўлення i выхавання прыёмнага дзiцяцi па
вучэбных планах, якiя распрацоўваюцца цэнтрам i ўзгадняюцца з
Мiнiстэрствам адукацыi i навукi Рэспублiкi Беларусь.
14. Цэнтр вызначае псiхалагiчную сумяшчальнасць дзiцяцi i яго
будучых прыёмных бацькоў, арганiзуе пры неабходнасцi дадатковае
абследаванне стану здароўя дзiцяцi, узроўню яго псiхiчнага i
фiзiчнага развiцця.
15. Пасля завяршэння падбору дзiцяцi для ўсынаўлення i
кандыдатаў ва ўсынавiцелi цэнтр аказвае садзеянне кандыдатам ва
ўсынавiцелi ў падрыхтоўцы дакументаў, рыхтуе заключэнне аб
мэтазгоднасцi гэтага ўсынаўлення i накiроўвае яго мясцоваму органу
аховы дзяцiнства для прадстаўлення дакументаў у райгарвыканкам i
прыняцця рашэння аб усынаўленнi.
16. Спрэчныя пытаннi, якiя ўзнiкаюць пры вырашэннi ўсынаўлення
памiж цэнтрам i мясцовымi органамi аховы дзяцiнства, вырашаюцца
Мiнiстэрствам адукацыi i навукi.
17. Сумесна з мясцовымi органамi аховы дзяцiнства i самастойна
цэнтр аналiзуе i кантралюе ход адаптацыi ўсыноўленых дзяцей у
прыёмных сем`ях.
18. Цэнтр стварае банк даных на дзяцей, якiя могуць
прапаноўвацца для мiжнароднага ўсынаўлення, супрацоўнiчае з органамi
i арганiзацыямi iншых краiн, замежнымi грамадзянамi ў падборы
кандыдатаў ва ўсынавiцелi гэтых дзяцей, рыхтуе дакументы i праект
заключэння для разгляду iх у Мiнiстэрстве адукацыi i навукi.
19. Цэнтр рыхтуе дакументы для iнфармавання дыпламатычных
прадстаўнiцтваў i консульскiх устаноў Рэспублiкi Беларусь за мяжой
аб усынаўленнi дзяцей - грамадзян Рэспублiкi Беларусь замежнымi
грамадзянамi i прадстаўляе iх у Мiнiстэрства адукацыi i навукi.
20. Цэнтр арганiзуе i кантралюе атрыманне ад кампетэнтных
органаў i арганiзацый iншых краiн iнфармацыi аб ходзе адаптацыi
дзяцей у прыёмных сем`ях, аналiзуе iх i двойчы у год (1 жнiўня i 1
лютага) iнфармуе аб гэтым Мiнiстэрства адукацыi i навукi.
21. Цэнтр з`яўляецца юрыдычнай асобай, мае пячатку з выявай
Дзяржаўнага герба Рэспублiкi Беларусь, самастойны разлiковы i iншыя
рахункi ў банках.
22. На падставе гэтага Палажэння Цэнтр распрацоўвае свой
Статут, якi зацвярджаецца Мiнiстэрствам адукацыi i навукi.
<<< Главная
страница | < Назад
|